ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн. драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.

Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.​Мільтана («Страчаны рай»), Дж.​Байрана («Каін»), Ф.​Шылера («Валенштэйн»), П.​Б.​Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.​Міцкевіча («Дзяды»), А.​Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.​Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.​Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.​Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.​Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.​Арочкі («Курганне», «Крэва»).

М.​М.​Арочка, А.​С.​Гурская.

т. 6, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)